Гуляем - гісторыю, традыцыі краіны вывучаем: пазнавальная гульнятэка

Серыя дыдактычных гульняў “Мая Беларусь” 

 Выкарыстанне серыі дыдактычных гульняў “Мая Беларусь” накіравана на развіццё ў старэйшых дашкольнікаў:

– уяўленняў пра сімвалы беларускай дзяржавы, народныя святы, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, выдатныя мясціны сваёй Радзімы;
– цікавасці да сваёй краіны, яе культурнай спадчыны, прыроды;
– увагі, успрымання, памяці, мыслення, беларускага маўлення.

У ходзе гульняў вядучая роля належыць дарослым. Яны з’яўляюцца арганізатарамі і актыўнымі ўдзельнікамі гульнявых зносін дашкольнікаў.

Серыя дыдактычных гульняў “Мая Беларусь” уключае ў сябе чатыры блокі:

1 Сімвалы Беларусі.
2 Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і культура Беларусі.
3 Прырода роднага краю.
4 Беларускія народныя казкі.

 

1. Сімвалы Беларусі

“Складзі сцяг, герб, карту Беларусі”

     Мэта: практыкаваць дзяцей у складанні цэлага малюнка з частак, праз змест малюнкаў замацоўваць веды пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі.

     Абсталяванне: карткі з выявамі сцяга, герба і карты Рэспублікі Беларусь, карткі з выявамі сцяга, герба і карты Рэспублікі Беларусь, падзеленыя на часткі.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям два камплекты малюнкаў: адзін складаецца з цэлых малюнкаў, другі – з іх частак. Дзецям неабходна за пэўны час скласці з частак цэлы малюнак.

 

“Знайдзі сімвалы Беларусі”

     Мэта: замацоўваць веды пра сімвалы беларускай дзяржавы і сімвалы Беларусі; развіваць лагічнае мысленне, памяць; выхоўваць павагу да сваёй Радзімы.

     Абсталяванне: карткі з выявамі сімвалаў беларускай дзяржавы (сцяг, герб), краін суседзяў (Украіны, Расіі) і сімвалаў Беларусі (сасна, зубр, бусел, кветкі ільну, канюшыны, васілька) і іншых малюнкаў, квадраты са слюды чырвонага колеру.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям карткі з выявамі сімвалаў беларускай дзяржавы (сцяг, герб), краін суседзяў (Украіны, Расіі) і сімвалаў Беларусі (сасна, зубр, бусел, кветкі ільну, канюшыны, васілька) і іншых малюнкаў. Дзецям неабходна знайсці малюнкі, якія не адносяцца да сімвалаў Беларусі і закрыць іх квадратам з чырвонай слюды.

 

“Чацвёрты лішні”

     Мэта: развіваць уменне класіфікаваць прадметы па істотных прыметах, абагульняць.

     Дыдактычны матэрыял: карткі, на кожнай картцы намаляваныя 4 прадметы, 3 прадметы звязаны агульным прыметай (сімвалы Беларусі), а 4 – лішні.

     Ход гульні

Выхавальнік дэманструе дзіцяці картку, на якой намаляваныя чатыры малюнкі, тры з іх падыходзяць па нейкай прымеце, іх можна назваць адным словам, а чацвёрты лішні. Які?

 

“Складзі сцяг Беларусі”

     Мэта: практыкаваць дзяцей у складанні цэлага з частак, замацоўваць веды пра дзяржаўны сімвал Беларусі – сцяг, яго колеравую афарбоўку і яе сімвалічнае значэнне; развіваць у дзяцей пачуццё патрыятызму і любові да сваёй Радзімы.

     Абсталяванне: палоскі рознага колеру, палоскі з беларускім арнаментам.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям камплекты палосак рознага колеру і арнаменту. Дзецям неабходна выбраць палоскі такога колеру і арнаменту, якія адпавядаюць колеру беларускага сцяга і скласці з частак цэлы малюнак, рассказаць пра сімвалічнае назначэнне кожнай часткі. (Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца, сімвалізуе братэрства, справядлівасць. Ён азначае перамогу, шчаслівае жыццё. Зялёны колер – колер прыроды, колер палёў і лясоў. Зялёны колер – колер дабрыні і росту, развіцця, дабрабыту і міру.

Сцяг Беларусі мае нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі. Ён сімвалізуе якасці народа: працавітасць і высокае майстэрства. У цэнтры арнамента – ромб  старажытная выява багіні Зямлі і Урадлівасці, а маленькія ромбікі – сімвалы засеянага поля).

 

2. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і культура Беларусі

 “Узор для ручніка”

 

     Мэта: замацаванне ведаў пра дэкаратыўна-прыкладное мастацтва беларусаў, практыкаванне ў выкладанні арнаментальных узораў на прамавугольнай форме .

     Абсталяванне: карткі з відарысамі ручніка, картка з элементамі беларускага арнамента.

     Ход гульні

          1 варыянт

Дзецям прапаноўваюцца карткі (ручнікі), дз адзін канец ручніка ўпрыгожаны беларускім арнаментам, а другі – чысты. Дзіцяці патрэбна выкласці арнамент на свабодным канцы па ўзоры.

          2 варыянт

Дзецям раздаюцца відарысы ручніка без арнамента і геаметрычныя формы элементаў з кардону. Неабходна самастойна саставіць узор, змяняючы элементы, каляровыя спалучэнні.

 

“Прадоўжы ўзор”

     Мэта: вучыць дзяцей складаць стужачны арнамент (на паласе) з некалькіх рытмічна паўтаральных аднолькавых элементаў беларускага ўзору. Фарміраваць у дзяцей здольнасці да арнаментальнай творчасці.

     Матэрыял: карткі з элементами беларускага ўзору. Карткі (3,5 × 3,5 см) з рознымі элементамі ад 2 да 6 аднолькавых малюнкаў.

     Ход гульні

Выхавальнік дае 1–3 дзецям карткі з пралінаванымі дарожкамі, на якіх выкладзеныя па 3 элементы ўзору. Дзецям прапануецца вызначыць заканамернасць чаргавання элементаў, знайсці такія ж элементы ўзору на маленькіх картках і прадоўжыць узор на паласе.

 

“Сам сабе майстар”

     Мэта: замацаванне ведаў пра дэкаратыўна-прыкладное мастацтва беларусаў, асноўныя віды рамёстваў: ткацтва, дрэваапрацоўка, ганчарная справа, саломапляценне.

    Абсталяванне: карткі з відарысамі беларускіх народных майстроў, карткі з відарысам вырабаў з саломы, дрэва, гліны, тканіны.

      Ход гульні

У гульні прымае ўдзел 2–4 дзіцяці. Выхавальнік раздае дзецям вялікія карты, у цэнтры якіх намаляваны беларускія народныя майстры: ганчар, разьбяр па дрэве, саломапляцельшчык, ткачыха. Дзеці разглядваюць маленькія карткі з відарысам вырабаў з саломы, дрэва, гліны, тканіны.

– З чаго выраблена шляпа? – пытае Выхавальнік.

– З саломы, – адказваюць дзеці.

– Хто яе зрабіў?– пытае Выхавальнік.

– Саломапляцельшчык – адказваюць дзеці.

Вы будзеце гуляць так, каб усё, што зроблена з саломы, стала ў клетачкі, дзе ў цэнтры ліста – майстар саломапляцельшчык; тое, што зроблена з дрэва, – у клетачкі, дзе майстар разьбы па дрэве; тое, што зроблена з гліны, – дзе ганчар, што з тканіны, – дзе ткачыха. Хто першы закрые ўсе клетачкі, той і выйграе.

Дзеці абменьваюцца карткамі, і гульня працягваецца.

Засвоіўшы правілы гульні, дзеці гуляюць самастойна.

 

“Падбяры ключык да замка”  (Беларускія народныя святы)

     Мэта: замацоўваць веды пра беларускія народныя святы, іх сімвалічныя элементы. Прывіваць цікавасць да народных святаў. Развіваць мысленне, уменне з частак складаць цэлае.

     Абсталяванне: карткі з выявамі народнага свята і яго сімвалаў.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям карткі з выявамі народнага свята (замочак), дзецям неабходна падабраць сімвал свята (ключык). Калі сімвал падабраны правільна, то “замочак” зачыніцца.

 

“Замкі Беларусі”

     Мэта: расшыраць і ўмацоўваць веды пра помнікі архітэктуры нашай краіны, развіваць успрыманне замкавага стылю архітэктуры, развіваць цікавасць да гісторыі сваёй краіны і яе духоўных каштоўнасцей.

     Абсталяванне: карты з выявамі замкаў Беларусі: Мірскі, Нясвіжскі, Гродзенскі, Навагрудскі; карткі з фрагментамі замкаў.

     Ход гульні

Гуляе ад 1 да 4 дзяцей. Выхавальнік разам з дзецьмі разглядвае малюнкі замкаў Беларусі, расказваючы пра іх архітэктурныя асаблівасці. Затым дзецям раздаюцца выявы замкаў з контурнымі “акенцамі”. Выхавальнік паслядоўна паказвае маленькія карткі. Кожны гуляючы суадносіць фрагментарныя і цэласныя выявы і запаўняе імі “акенцы”.

Выйграе той, хто першы закрые ўсе “акенцы”

 

3. Прырода роднага краю

“Хто дзе жыве?”

      Мэта: замацоўваць уменне суадносіць выявы прадстаўнікоў жывёльнага свету з месцам пражывання, фарміраваць правільнае вымаўленне назваў жывёл на беларускай мове.

     Абсталяванне: карткі з выявамі супольнасцей лес, луг, вадаём. Карткі з выявамі прадстаўнікоў жывёльнага свету.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям карткі з выявамі прыродных супольнасцей і маленькія карткі з выявамі прадстаўнікоў жывёльнага свету. Дзецям неабходна суаднесці выяву жывёлы ці насякомага з месцам яго абітання.

 

“Збіраем ураджай”

      Мэта: замацоўваць веды пра садавіну і гародніну, грыбы Беларусі. Развіваць увагу, зрокавую памяць, уменне суадносіць выявы прадстаўнікоў расліннага свету з месцам прарастання, фарміраваць правільнае вымаўленне назваў раслін і грыбоў на беларускай мове.

     Абсталяванне: карткі, падзеленыя на сектары, у цэнтры – карзіна. Маленькія карткі садавіны, гародніны і грыбоў, якія растуць не толькі ў Беларусі, а і ў іншых кліматычных умовах.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям карткі, падзеленыя на сектары і карткі садавіны, гародніны і грыбоў, якія растуць не толькі ў Беларусі, а і ў іншых кліматычных умовах. Дзецям неабходна запоўніць усе сектары толькі тымі малюнкамі садавіны, гародніны і грыбоў, якія растуць у Беларусі.

 

4. Беларускія народныя казкі

“Хто ў казцы жыве”

     Мэта: замацоўваць змест беларускіх народных казак. Развіваць увагу, памяць, маўленне, дробную маторыку рукі; фарміраваць правільнае вымаўленне назваў герояў казак на беларускай мове.

     Абсталяванне: карткі, падзеленыя на сектары, у цэнтры – сюжэтны малюнак казак, па баках – героі казак, маркеры або фламастары на воднай аснове.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям карткі, на якіх у цэнтры – сюжэтныя малюнкі казак “Як курачка пеўніка ратавала”, “Лёгкі хлеб”, “Курачка Раба”, “Пра быка і яго сяброў”, па баках – героі казак. Дзецям неабходна маркерам злучыць з сюжэтным малюнкам толькі тых герояў, якія сустракаюцца ў гэтай казцы, і назваць іх.

 

“Чыя казка”

     Мэта: замацоўваць змест беларускай народнай казкі “Зайкава хатка”. Развіваць чуласць да граматычна правільнага маўлення на беларускай мове, увагу, памяць, маўленне, дробную маторыку рукі; фарміраваць правільнае вымаўленне назваў герояў на беларускай мове.

     Абсталяванне: карткі, па абодвух краях героі казак, маркеры або фламастары.

     Ход гульні

Выхавальнік раздае дзецям карткі, на якіх размешчаны малюнкі герояў беларускіх народных казак. Дзецям неабходна маркерам злучыць герояў казкі “Зайкава хатка “ з іх хаткамі, адказаць на пытанне : чыя хатка? (зайкава, лісічкіна).

 

“Дзе, хто?”

     Мэта: фарміраваць устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёй; садзейнічаць засваенню некаторых асаблівасцей граматычнага ладу беларускага маўлення, авалоданню і ўдасканальванню ўменняў правільна ўжываць прасторавыя прыназоўнікі “за”, “пад”, “на”, “з-за”, “каля” і іншРазвіваць увагу, памяць, маўленне, фарміраваць правільнае вымаўленне назваў герояў на беларускай мове.

     Абсталяванне: сюжэтныя малюнікі па беларускіх народных казках “Курачка раба”, “ Як кот звяроў напалохаў”, графічныя малюнкі “Кот Максім”, “Зайкава хатка”.

     Ход гульні

Выхавальнік паказвае дзецям карткі з малюнкамі па беларускіх народных казках. Прапануе ўважліва паглядзець на малюнкі, назваць казку і адказаць на пытанні. Напрыклад:

– дзе ляжыць яечка? (на стале, пад лаўкай, на палічцы, за спіной у дзеда, пад сталом, каля мышкі);

– куды схавалася ліса? (пад стол, на печ, за дзверы, на лаўку, на палічку, у дзежку);

– адкуль выглядае ліса? (з пад стала, з-за дзвярэй, з печы, з дзежкі) і г.д.

Інтэратыўная гульня "Ці ведаеш ты мову беларускую?"

Інтэратыўная гульня "Беларусь замкавая"

Інтэратыўная гульня "Сімвалы Рэспублікі Беларусь"

Інтэрактыўная гульня. "Гуляем- гісторыю, традыцыі краіны вывучаем"

Інтэрактыўная гульня складаецца з чатырох раздзелаў "Святы і традыцыі", "Ёсць у кожнага свой дом", "Славутасці Беларусі", "Беларускі арнамент". Пераходзь па спасылцы, выбірай раздзел і выконвай заданні.
развернуть